Меню сайта
Чат
Сейчас в чате:
Сейчас на сайте:
Аноним
Наш опрос
Как вы относитесь к
переименованию
Червеня в Игумен?
За
Против
Мне все равно
Давайте назовем ещё как-нибудь

всего голосов

Тэатр Антонія Тызенгаўза і наш зямляк Міхаіл Рымінскі

Тэатральнае мастацтва заўсёды займала значнае месца ў культурным жыцці. Гэта сапраўды так – і калі гутарка ідзе пра сучасны тэатр, і калі гаворым пра яго пачатковыя, старадаўнія творы.

Гістарычна склалася так, што ў ХVІІ–ХVІІІ стагоддзях тэатр аматарскі і тэатр прафесійны маглі існаваць толькі пры каралеўскім двары і ў маёнтках буйных магнатаў. Нас, ігуменцаў, павінна зацікавіць гісторыя тэатра Антонія Тызенгаўза ў Гродна ў ХVІІІ стагоддзі, бо ў ім танцаваў ураджэнец Ігумена Міхаіл Рымінскі, 235-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета.

Вядома, што падскарбій надворны Антоній Тызенгаўз (фінансіст і мецэнат) вырашыў стварыць свой тэатр з пастаяннай тэатральнай трупай, з запрашэннем італьянскіх і польскіх артыстаў, а таксама з магутным аркестрам і прафесійнымі танцорамі. Для гэтага ён паслаў свайго паверанага Лявона Сітанскага ў паездку за мяжу з даручэннем знайсці таленавітых спевакоў і заключыць з імі кантракты. Задача была выканана.

У 1774 годзе ў Гродна прыязджаюць цікавыя вакалісты: Дж.Кампанучы, Ганна Давія, якія сталі ў далейшым вельмі папулярнымі ў Санкт-Пецярбургу, а таксама кампазітар Каміле Абатэ.У 1776 годзе тэатр быў здольны вырашаць вялікія творчыя задачы. Поўны рэпертуар яго невядомы, але захаваліся звесткі пра пастаноўкі на сцэне ў 1778 годзе оперы А.Грэтры “Магніфік” (“Вялікапышны”), камедыі П’ера Бамаршэ “Севільскі цырульнік”.

Наступным разам Лявон Сітанскі паехаў у Заходнюю Еўропу ў пошуках неабходных акцёраў і педагогаў у 1779 – 1780 гадах. У выніку ў Гродна з’явіліся італьянскія славутасці – спявак, саліст Парыжскай оперы Менцыёлі, танцоўшчыца Ганна Саламоні і яе муж – балетмайстар Казіма Аўгуста Марэлі.

У 1780г. А.Тызенгаўз трапіў у няміласць да караля. З таго часу дзейнасць тэатра пачала паступова зварочвацца, многія салісты пакінулі Гродна. Працягвала працаваць толькі школа, для якой у Гродна быў прыстасаваны двухпавярховы будынак “Крывой афіцыны” (вядомы таксама як “Музычны флігель”). Ён месціўся насупраць палаца, меў дартуары (спальні) для вучняў (на трэцім паверсе), рэпетыцыйныя залы (на другім) і падсобныя памяшканні (на першым).

Па загаду А.Тызенгаўза дзяцей для школы пачынаюць шукаць у яго маёнтках (падскарбій забараніў браць прыгонных з маёнткаў караля, бо хацеў быць іх адзіным уладальнікам). За два гады ў школу сабралі больш за пяцьдзесят 8-10 гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак з Быценя, Пастаў, Ігумена, Ліцвян, са шматлікіх “палескіх добр” і вёсак Гродзеншчыны.

З цягам часу школа А.Тызенгаўза стала не падобнай ні на якую іншую. У доме знаходзіліся кватэры педагогаў і абслугі. Усе дзеці былі падзелены на тры класы. У трэцім класе (самым ніжэйшым) вучыліся хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 8 да 10 гадоў, у другім – ад 11 да 14 гадоў, і ў першым – ад 14 да 18 гадоў. (У самы старэйшы “вышэйшы клас” адбіраліся найбольш здольныя вучні). Яны не мелі права пакінуць будынак, іх вучылі па 12 гадзін у суткі не толькі спецыяльным прадметам (музыцы, спевам, танцам), але і пісьму, арыфметыцы, малюнку, французскай і італьянскай мовам, рукадзеллю і правілам паводзін.

Для ўсіх груп урокі балета праводзіліся не меней як 5-6 гадзін на дзень. Будзілі дзяцей у 5 гадзін раніцы, заняткі пачыналіся ў 6 гадзін і працягваліся да поўдня. Потым быў перапынак на абед, і зноў вучоба – да сямі гадзін вечара. Гадзіна давалася на вячэру, прагулку, потым дзеці маліліся і ў 9 гадзін вечара клаліся спаць. Усе дзяўчынкі былі абавязаны навучыцца іграць на “клавічэмбало”, хлопчыкі – на скрыпцы, басэтлі ці квартвіёле. Вучылі іх індывідуальна і ў ансамблі з музыкантамі капэлы кампазіцыі, “чытанню і пісанню нот”. Дзяўчынкі і хлопчыкі вучыліся асобна, разам займаліся толькі па спецыяльных прадметах. Нярэдка старэйшыя вучні вучылі малодшых. Так, напрыклад, Міхаіл Рымінскі вучыў танцу балерыну П.Грабскую і спявачку Т.Марчынскую.

Зразумела, такую муштру многія вучні не вытрымлівалі, таму даводзілася замяняць слабых і памёршых дзяцей іншымі, якіх шукалі ў маёнтках спецыяльныя людзі. Але А.Тызенгаўз загадваў вучыць дзяцей па распарадку і рыхтаваць іх да прафесійнай сцэны.

Апошні перыяд у гісторыі балетнай групы тэатральнай школы прыпадае на 1782 –1785 гады, калі А.Тызенгаўз запрасіў з Мілана ў якасці балетмайстра і педагога Франсуа Габрыэля Ле Ду. Школа ў гэты перыяд пераехала з Гродна ў Паставы. Для яе было выдзелена спецыяльнае памяшканне. У Паставах у 1784 годзе Ле Ду падрыхтаваў новы балет пад назвай “Балет вод, ці Купель Дыяны”.

У 1785 годзе А.Тызенгаўз памёр. Выхаванцы школы пасля яго смерці (згодна завяшчання) былі перададзены ў вечнае ўладанне каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Апошні спецыяльным актам вызначыў іх юрыдычны стан: яны заставаліся ўласнасцю караля да дня яго смерці.

31 сакавіка 1785 года балетная трупа А.Тызенгаўза (у яе складзе было 33 чалавекі: 17 дарослых ва ўзросце ад 16 да 21 года і 16 дзяцей) разам з Ле Ду пераехала ў Варшаву. З гэтага часу танцоўшчыкі і танцоўшчыцы А.Тызенгаўза сталі ядром “Таварыства Танцоўшчыкаў яго Каралеўскай Вялікасці”. Першы паказ гэтай трупы варшаўскай публіцы адбыўся 24 верасня 1785г. балетам Ле Ду “Гілас і Сільвія”, дзе ў галоўнай партыі выступаў яго вучань, ураджэнец Ігумена Міхаіл Рымінскі, які стаў у 1785 – 1794гг. першым танцоўшчыкам польскага балета, выканаўцам партый гераічнага плана. Сярод партый: Капітан Сандор (“Капітан Сандор на востраве Караліна”), Алонза (“Кора і Алонза”), Адоніс (“Венера і Адоніс”), Марк Антоній (“Клеапатра і Марк Антоній”). Разам з ім танцавалі яго сяброўкі па балетнай школе Д.Сітанская, А.Дарэўская, З.Макарская, салістамі былі М.Ганбінскі і А.Бжазінскі.

Міхаіл Рымінскі выступаў на каралеўскіх сцэнах як драматычны акцёр і спявак у “прадстаўленнях французскіх” у Нацыянальным тэатры. Магчыма, у 1795 годзе працаваў у варшаўскіх антрэпрызах С.Галніцкага і К.Аўсінскага. У 1795 – 1797 гадах – у балетнай трупе ў Львове.

Захаваўся шэраг звестак аб балетных касцюмах ХVІІІ стагоддзя. Спачатку ў касцюмах танцоўшчыкі былі маларухомымі, што характэрна для балета той эпохі (балет быў пантамімным). Але ў апошняй чвэрці ХVІІІ стагоддзя касцюмы павінны былі рабіць больш лёгкімі і зграбнымі. Г.І. Барышаў у кнізе “Тэатральная культура Беларусі ў ХVІІІ стагоддзі” дае звесткі, што захавалася карціна Б.Балотта, на якой паказаны інтэр’ер “Teatru Narodowego” ў Варшаве. На палатне добра відаць сцэна тэатра. На карціне намаляваны фрагмент з балета “Пір” і яго галоўныя выканаўцы – М.Рымінскі і Д.Сітанская.

Парчовая кіраса М.Рымінскага шчыльна аблягае грудзі, яго “тонелле” натуральна падкрэслівае бёдры, а сукенка Д.Сітанскай ні што іншае, як аблегчаны варыянт бытавога касцюма 80-х – пачатку 90-х гадоў ХVІІІ стагоддзя з пакарочанай спадніцай. Касцюм М.Рымінскага пабудаваны на спалучэннях залатога і чырвонага, Д.Сітанскай – на кантрасце белага і чорнага колераў, якія добра “чыталіся на фоне дэкарацый”.

Гродзенскія танцоры А.Тызенгаўза выступілі больш чым у сотні балетных праграм (у тым ліку ў 30 балетах Ле Ду ) і заслужылі ўсеагульнае прызнанне. Каралеўскі ансамбль распаўся ў 1795 годзе, пасля падзення Польскай дзяржавы. Што стала далей з большасцю яго артыстаў – невядома.

Застаецца дзякаваць лёсу за хоць і небагатыя, але такія цікавыя звесткі пра Міхаіла Рымінскага. І ганарыцца тым, што наш зямляк стаў сапраўдным прафесіяналам у сваёй справе.

Алена Адамовiч, метадыст Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаны звесткі з кнігі Г.І.Барышава “Тэатральная культура Беларусі ў XVІІІ стагоддзі” і энцыклапедычных выданняў.


Еще про Червенщину
На Глобусе Беларуси
На www.jewishgen.org
На Общественном объединении "Игумень"
На сайте Минскоблисполкома"
На Смиловичи.online"
Написать нам письмо

Найти с помощью
Google


WWW
Червень онлайн
Сайт обновлен 27.03.2008 MST

> Rating All.BY Радзіма майго духу