29.09.2004
На кірмашы ў Салігорску і наш раён адметным быў
У суботу на цэнтральнай плошчы Салігорска прайшоў абласны кірмаш устаноў адукацыі "Восень-2004". У ім бралі ўдзел каля 80 калектываў з розных куткоў Міншчыны. Наш раён прадстаўлялі на кірмашы аддзел адукацыі райвыканкама, Смілавіцкі сельгасліцэй I Чэрвеньскае ПТВ-80.
Аддзел адукацыі вазіў у Салігорск творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выхаванцаў Дома дзіцячай творчасьці г. Чэрвеня (вырабы з гліны, бісеру, фларыстыку, разьбу па дрэву, мяккую цацку і саломапляценне, жывапіс), хатнюю выпечку, вырабленую работнікамі гарадскіх дзіцячых садкоў №2 і №6, вырабы з прыроднага матэрыялу настаўніка Лядзенскай школы Юрыя Бабіча, агародніну з прышкольных участкаў.
Сельгасліцэй разгарнуў на плошчы гандлёвыя палаткі з прадукцыяй, вырашчанай у вучэбнай гаспадарцы: збожжам, бульбай, морквай, капустай, мясам, а таксама нанадзіў бяспройгрышную лятарэю, у якой разыгрываліся два парсючкі. Выручка ад рэалізацыі тавару склала больш за тры мільены рублёў.
ПТВ-80 прадставіла на кірмашы больш за 25 найменняў мэблі і іншых сталярных вырабаў, нагандляваўшы 730 тысяч рублёў.
Журы прысудзіла нашаму аддзелу адукацыі трэцяе месца ў намінацыі "Рэклама і творчая абарона прапанаванай прадукцыі". Таксама трэцяе месца ў гэтай намінацыі заняў Смілавіцкі ліцэй. Яны ўзнагароджаны дыплёмамі і сувенірамі. Канчатковыя ж вынікі кірмашу будуць падведзены пазней.
|
Чэрвеньскія эрудыты ўдзельнічаюць у кубку свету
У нядзелю стартавалі спаборніцтвы на Кубак Свету па інтэлектуальных гульнях у Інтэрнэце сярод дзяцей і дарослых. Удзел у іх бяруць эрудыты з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Эстоніі, Латвіі, Азербайджану, іншых краін.
Прадстаўлены тут і пяць каманд з Чэрвеня, якія ўваходзяць у інтэлектуальны клуб "Ігумен". У дарослых гэта каманда "Вёска", у дзяцей - "Парабелум" (гімназія №1), "Паўночныя алені" (СШ №4), "Паехалі!"( краязнаўчы музей) і "Міг"(зборная школ Чэрвеня). Як паведаміла кіраўнік інтэлектуальнага клуба "Ігумен" Ірына Вабішчэвіч, у першай гульні "Што? Дзе? Калі?" каманда "Вёска" правільна адказала на 15 з трыццаці шасці пытанняў, лепшы вынік у дзіцячых каманд - 9 з дваццаці чатырох пытанняў. Праз тыдзень станё вядома, якія месцы займаюць нашы эрудыты ў спаборніцтвах.
Гульні Кубка Свету ў Інтэрнэце будуць праходзіць да сакавіка наступнага года кожную апошнюю нядзелю месяца. Дарэчы, заявіцца на ўдзел у спаборніцтвах можна яшчэ і зараз. Калі ў вас ёсць такое жаданне і каманда з шасці чалавек, зьвяртайцеся да Ірыны Вабішчэвіч.
|
25.09.2004
У хворых дзяцей - наваселле
Учора адбылося ўрачыстае адкрыццё першай чаргі новага комплексу будынкаў Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасьцямі псіхафізічнага развіцця.
Гісторыя гэтай будоўлі пачалася яшчэ... у мінулым стагоддзі, а дакладмей - у 1989 годзе, калі Мінскі аблвыканкам прыняў рашэнне аб узвядзенні ў Чэрвені новага дома-інтэрната на 300 месцаў. Тады рэалізаваць задуманае не паспелі: перашкодзіў развал СССР і яго цяжкія эканамічныя наступствы. Зноў успомнілі пра дом-інтэрнат у 1996 годзе: новабудоўля стала адным з пунктаў прэзідэнцкай праграмы "Дзеці Беларусі". Праз тры гады работы на аб'екце, нарэшце, пачаліся, але неўзабаве скончыліся з-за недахопу фінансаваньня. Па-сапраўднаму ажыў ён сёлета, калі дзяржава выдзеліла на будаўніцтва першай і другой чаргі інтэрната 5 мільярдаў 100 мільёнаў рублёў. Гмахі новых карпусоў пачалі расці на вачах. I вось, дзякуючы клопату будаўнікоў з Чэрвеня, Мінска, Беразіно, Мар'інай Горкі, Слуцка, Маладзечна, Узды, іншых гарадоў, выхаванцы і абслугоўваючы пэрсанал дома-інтэрната ўжо бліжэйшымі днямі пачнуць абжываць сцены першага жылога корпуса, разлічанага на 73 дзіцяці, і сталовай. Другі жылы корпус на 76 дзяцей, дзе засталося выканаць аддзелачныя работы, запланавана здаць у эксплюатацыю напрыканцы гэтага года. Цалкам жа завершыць будоўлю мяркуецца на наступны год, калі новы комплекс будынкаў папоўніцца адміністратыўным корпусам з актавай залай і басейнам, а таксама яшчэ адным жылым корпусам.
Дырэктар дома-інтэрната Віктар Лявоненка ўдзячны ўсім, хто спрычыніўся да будоўлі, і не хавае задавальнення ад радаснай падзеі:
— Нарэшце мы пакінем старыя прыстасаваныя будынкі, некаторым з якіх - па сто гадоў, - гаворыць ён. - Некалі тут была вайсковая часьць, а ў вайну - нямецкія канюшні... Доўгі час у адной палаце жыло да 30 нашых выхаванцаў, што не вытрымлівала ніякіх санітарных нормаў, а ў новых палатах будзем сяліць па 3 - 5 чалавек. Паляпшэнне ўмоў для дзяцей-інвалідаў паспрыяе іх фізічнай і псыхічнай рэабілітацыі, адаптацыі да сучаснага жыцця.
...Ва ўрачыстым адкрыцці першай чаргі новага комплексу будынкаў дома-інтэрната бралі ўдзел і выступілі міністр працы і сацыяльнай абароны РБ Антаніна Морава, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Леанід Крупец, начальнік абласнога ўпраўленьня працы і сацыяльнай абароны Ала Мікалуцкая, старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Лапатка і іншыя. Галоўны інжынер "Мінскаблсельбуда" Мікалай Славашэвіч уручыў дырэктару інтэрната Віктару Лявоненку сімвалічны ключ ад новага будынка. Затым Антаніна Морава і Леанід Крупец перарэзалі чырвоную стужку на ўваходзе ў яго. Пасля агляду памяшканняў урачыстасць прадоўжыў канцэрт, у якім бралі ўдзел вакальны ансамбль дома-інтэрната "Квецень", народны ансамбль "Вербніца", танцавальны калектыў Чэрвеньскай школы мастацтваў.
Ігар Адамовіч
|
Бясчынства па-Крупску,
альбо
такі футбол нам не патрэбны!
Надоўга запомніцца выхаванцам Чэрвеньскай ДЗЮСШ паездка ў Крупкі на матчы першынства вобласці па футболу сярод дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Падчас іх нашым юным спартсменам давялося сутыкнуцца з абразьлівымі паводзінамі мясцовых балельшчыкаў і прадузятым судзействам.
Як распавёў трэнер Чэрвеньскай ДЗЮСШ Аляксандр Балоцін, перад пачаткам першай гульні паміж крупскімі і нашымі ігракамі 1991-92 гадоў нараджэння на стадыёне з'явілася "група падтрымкі" гаспадароў поля - каля сарака падлеткаў з каламі і каменьнем у руках. Абстаноўка стала яшчэ больш напружанай пасля таго, як чэрвеньцы выйгралі сустрэчу - 2:1.
Нашы старэйшыя футбалісты (1990-91 гадоў нараджэння) таксама былі блізкія да поспеху ў сваёй сустрэчы, пераможца якой датэрмінова займаў першае месца ў спаборніцтвах. Нягледзячы на незалічаны мясцовым суддзёй гол, пастаянныя абразы і пагрозы балельшчыкаў, каменне, якое ляцела ў варатара чэрвеньцаў Дзмітрыя Чыстага, яны да фінальнага свістка вялі ў ліку - 2:1.
— Дзевяноста хвілін гульні скончылася, але суддзя і не думаў даваць сьвісток, - гаворыць Аляксандр Балоцін.
- Спачатку ён прызначыў вельмі спрэчны пэнальці ў нашы вароты, а потым "цягнуў час", пакуль гаспадары поля не "даціснулі" нашых маральна прыгнечаных хлопцаў - 2:3... Калі ад'язджалі дахаты, мясцовыя "фанаты" закідалі наш аўтобус каменьнем і гразьзю...
У сувязі з падзеямі, што адбыліся ў Крупках, Чэрвеньская ДЗЮСШ падала ў абласную Федэрацыю футбола пратэст на гульню ў старэйшай групе. Хаця, на думку нашых трэнераў, малаверагодна, што ён будзе задаволены.
У бліжэйшую сераду ў Чэрвені пройдуць заключныя матчы першынства. Сапернікамі нашых футбалістаў будуць равеснікі з Лагойску. У выхаванцаў Чэрвеньскай ДЗЮСШ малодшага ўзросту яшчэ ёсць шанц заняць першае месца. Для гэтага трэба перамагаць сапернікаў з розніцай не менш за шэсць мячоў. Пажадаем ім удачы!
Ігар Адамовіч
Марш-бросок №2
в уездном городе Ч.
организует клуб интеллектуальных игр "Игумен" при поддержке отдела по делам молодежи райисполкома
Ориентировочно дата проведения - начало ноября.
Тема игры - "Лед тронулся, господа...".
Приглашаются молодежные команды с числом участников 2-6 человек. Для игры нужно иметь: голову (лучше несколько), 2 мобильных телефона, транспортное средство.
Регистрация команд по т. 55338 или по е-мэйл до 03.11.2004. Взнос 10тыс. рублей с команды.
Для тех, кто не знает, что это такое, читайте здесь про "Марш-бросок" №1
|
12.09.2004
Из истории Червенщины
Попытка установить Мемориал Жертвам Холокоста пресечена властями Советской Белоруссии.
В 1946 году Советские власти в Белоруссии не разрешили установку мемориала со списком имен еврейских жертв немцев в Червенском районе, организованную Владимиром Исааковичем Фундатором (1903-1986), изобретателем советского танка T-34, который был ключевым инструментом в поражении Германии.
Этот отказ был показателем отношения советских властей к Холокосту, которые заставляли замалчивать его реальность, отказывались признавать вклад евреев в победе над Германией, и характеризовали евреев как «космополиты без корней» и «буржуазные националисты». Белорусские власти действовали по заказу Москвы. В 1970 на месте убийства Червенских евреев был установлен стандартный гранитный памятник. Надпись на нем сообщает, что 2000 советских граждан были убиты здесь немецко-фашистскими захватчиками.
|

Далее...
|
11.09.2004
У Чэрвені рамантуюць вуліцы Урыцкага i Матусевіч
У чацвер дарожна-будаўнічае ўпраўленне №43 г. Мінска пачало рамонт вуліц Урыцкага і М. Матусевіч у Чэрвені. На першай з іх зробяць ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця, на другой - гравійную падсыпку. Гэта дазволіць накіраваць у аб'езд легкавы транспарт, калі пачнецца рэканструкцыя маста праз Ігуменку на вуліцы Мінскай.
Святлана Усовіч паспяхова выступіла ў Італіі...
У нядзелю ў італьянскім горадзе Рыеці адбыўся прэстыжны міжнародны турнір па лёгкай атлетыцы з серыі гран-пры.
Паспяхова выступіла на гэтых спаборніцтвах наша зямлячка Святлана Усовіч. У бегу на дыстанцыі 400 метраў яна прыйшла на фініш другой (час - 51,97 секунды), саступіўшы толькі Крысцін Амерціл з Багамаў.
|
...А Андрэй Лаўрык - у Нарвегіі
У сераду нацыянальная зборная Беларусі па футболу стартавала ў адборачным турніры чэмпіянату свету 2006 года. Сустрэча беларусаў з нарвежцамі, якая адбылася ў Осла, скончылася ўнічыю - 1:1. Здабытае ачко на выездзе большасць спецыялістаў лічаць поспехам для нашай каманды.
Мы ж можам парадавацца за выхаванца чэрвеньскага футбола Андрэя Лаўрыка, які ўжо шмат гадоў абараняе гонар краіны ў нацыянальнай зборнай. У матчы з камандай Нарвегіі ён выйшаў у стартавым саставе і годна правёў на полі ўсе 90 мінут.
|
04.09.2004
Усовічы вярнуліся з алімпіяды
Вечарам у аўторак чэрвеньскія лёгкаатлеткі сёстры Святлана і Ілона Усовічы вярнуліся з летніх Алімпійскіх гульняў у Афінах.
Як вядома, Святлана заняла другое месца ў сваім забегу падчас першага этапу спаборніцтваў у бегу на 400 метраў, саступіўшы толькі Тоні Уільямс з Багамаў, якая мела лепшы сёлета вынік у свеце на гэтай дыстанцыі. На жаль, у паўфінале ў нашай зямлячкі не ўсё атрымалася: у фінал яна не трапіла і заняла агульнае 14 месца.
У эстафэце 4×400 метраў беларускай камандзе, у складзе якой Святлана выступала разам з малодшай сястрой Ілонай, не хапіла ўсяго 0,02 секунды, каб прабіцца ў фінал. У выніку дзявятае месца.
Як паведаміў трэнер сясцёр Усовічаў Ігар Захарэвіч, заўтра Святлана возьме ўдзел у міжнародных спаборніцтвах у Італіі. А з панядзелка ў яго выхаванак афіцыйна пачнецца адпачынак.
Ігар Адамовіч
| Август 2004г. |
При подготовке новостей использовались материалы газеты "Районный вестник" |
|