Вяршынін Мікола (Вяршынін Мікалай Пятровіч)
Нарадзіўся 20 мая 40 г. у Чэрвені. Праз нейкі час сям’я пераехала на радзіму маці Міколы ў былы Рудзенскі, а цяпер Пухавіцкі раён. У пачатку вайны бацькі Міколы трагічна загінулі пад нямецкай бамбёжкай. Сам ён рос і выхоўваўся спачатку ў цёткі, а пасля ў дзіцячым доме. У 14 гадоў падаўся на вучобу ў г. Мінск, потым служыў у пагранічных войсках. Скончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум (1958), гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта (1970).
Працаваў інжынэрам Мінскага падшыпнікавага, старшым інжынэрам трактарнага заводаў, вядучым інжынэрам навукова-вытворчага аб'яднання "Прагрэс". Пісаць і друкавацца пачаў падчас службы ў войску. Любімы род паэзіі - сатыра і гумар. Піша байкі, фэльетоны, гумарэскі, мініяцюры, каламбуры, эпіграмы. Выдаў кніжкі сатырычнай паэзіі "Без віны вінаватыя" (1972), Не сышліся характарамі" (1977), "Дагуляўся" (1981), "Нашто мне жаніціся" (1982), "У чужым воку" (1991), "Свой чалавек" (1993), "Сваё месца" (1994) і інш. Творы М. Вяршыніна ўвайшлі ў больш чым 20 калектыўных зборнікаў сатырычнай паэзіі і прозы.
У свой час кіраваў літаратурнымі аб'яднаньнямі пры рэдакцыях заводскай, абласной і рэспубліканскай газет. Пастаянна друкуецца ў газетах і часопісах, часта выступае на радыё і тэлебачанні.
Вершы
Сучасны партрэт
(фельетон)
Квадратныя плечы,
Шырокі і твар,
Багатыя рэчы,
Каштоўны тавар.
І модны абутак,
Аб'ёмны пінжак.
Хіба бачыць смутак,
Хто ходзіць вось так?
Кароткая стрыжка,
Суровы пагляд.
Стос грошай, як кніжка,
Даляраў зашмат.
І сотавы мае,
Як звон, тэлефон,
Бо сувязь трымае
Шмат з кім часта ён.
Вылазіць вось з "Вольва",
Прытым не адзін.
Паходкаю вольнай
Ідзе ў магазін.
|
Купляе найлепшы
Каньяк,сервелат,
І торт даражэйшы,
Яшчэ - чакаляд.
Шыкоўныя дамы
Ў машыне сядзяць -
Не жонкі, не мамы,
З пагардай глядзяць.
...Артыст ці спартсмэн,
Што дамогся ўдач,
Хто ён? Бізнесмен.
Сучасны фірмач.
Пра прэміі
(фельетон).
Рамонт дарогі мы вядзём
Па плану вельмі строга.
Каналізацыю кладзем -
Работы вельмі многа.
Дарогу ўбралі мы ў асфальт,
Прытым своечасова.
Ёсць прэмія, і кожны рад,
Працуем адмыслова.
|
Пасля асфальт нам паламаць
Сказалі неўзабаве.
Трубу там трэба пракладаць
- Кароткі тэрмін справе.
Зрабілі ўсё як найхутчэй,
І прэмія ў кішэні.
Ды новы тут загад яшчэ -
Зрабіць трубы замену.
Ламамі дружна ўсе дзяўбём,
Мяняем спрытна, спраўна.
І прэмію ў кішэнь кладзём
За перавыкананне.
Праз месяц зноў загад даюць
Яшчэ трубу пракласці,
І хлопцы ўшчэнт асфальт дзяўбуць,
Аж пот ім вочы засціць.
|
Нашто мне рай!
Па жыцці адчайна крочыш,
А пасля глядзіш - і край.
І пара заплюшчыць вочы.
Каб спытаў хто сярод ночы:
- Ці ты ў рай, ці ў пекла хочаш?
Я б сказаў: - Нашто мне рай!
Жыў я проста, небагата,
І было не часта свята,
Толькі шмат надзённых спраў.
Сябраваў і часам біўся,
І не часта я маліўся,
Чарку браў, жанчын кахаў.
Жыў не свята, не бязбожна,
І не краў, а браў, што можна
- Хто ж адкіне ад сябе?
На людзей не зыркаў строга,
Не пакрыўдзіў сам нікога,
А звяруг біў па ілбе.
Дык хіба ж у рай мне можна,
Хоць туды імкнецца кожны?
Грэшнік я, як ні глядзі.
Ды і што рабіць там буду?
Звычкі ўсе свае забуду:
Нюхай кветачкі, сядзі.
|
Ну, а ў пекле проста вельмі:
Папякуся на патэльні,
Пасяджу крыху ў смале.
Адыду пасля ад болю,
І сябе я задаволю,
Звычкі ўспомню ўсе свае.
Адшукаю недзе пляшку,
Каб было не вельмі цяжка.
Чэрці скажуць: - Во, жыве!
Патанцую і прысвісну,
Дзесьці грэшніцу прыцісну -
Прасвятлее ў галаве.
Дык прыкінь, магутны Божа:
Награшыў я многа, можа.
Заслужыў, дык пакарай.
А жыву я так, як людзі.
На тым свеце будзь,што будзе!
Пры жыцці мне дайце рай.
Жонка - гром
Магазін наш -месца стрэчы,
Больш убачымся мы дзе ж?
Вось сусед ідзе дарэчы.
- Што, - пытаюся, - бярэш?
- Ды куплю вось бохан хлеба.
Паабедаю, браток.
- І да хлеба ж нешта трэба,
- Я раблю яму намёк.
|
Да яго даходзіць мала:
- Сала ўжо я прыкупіў.
- Ну, а што яшчэ да сала? -
Я на горла наступіў.
- Больш нічога не шукаю,
А паесці ўсмак хачу...
Ну, а я ўсё націскаю,
Сам з ім выпіць аж трашчу.
- Дык а дзе гаручка - змазка?
Трэба ж, каб яна была.
- З гэтым, ведаеш, няўвязка:
Грошай жонка не дала.
-Так тут поспеху не будзе,
Як паслухаю, дык смех.
Жонку трасяні за грудзі -
Грошай высыплецца мех.
- Што ты, жонка баявая.
Так здаралася даўно:
Зачаплю яе, бывае -
Сам жа вылечу ў акно.
Ёй не страшныя пагрозы,
Кулачкоў маіх размах.
Лепш пабуду я цвярозы,
Чым хадзіць у сіняках!
|
Што лепш?
(жарт)
Аднойчы я выходжу з хаты,
Гляджу - ля вокнаў легкавік.
То "Запарожац" быў гарбаты.
Адкуль ён, думаю, узнік?
Сусед пытаецца з падколам:
-Напэўна, ты ўжо бізнесмен?
Прыдбаў сабе чатыры колы,
Чакаеш добрых перамен...
- А што, - адказваю, - не можна?
Мільёны зарабляю я.
Чаму ж і мне не жыць заможна?
І ёсць амбіцыя свая.
Ды толькі "Запарожац" гэты -
Ламачча куча, і не больш.
Я дасягнуў вышэйшай мэты,
І зняў з сябе, душэўны боль.
І пры сваім я інтарэсе.
Мо пазайздросьціць хочаш мне?
Бо езджу я на "Мерседэсе"...
Ды толькі ў сне.
|